Сучаснае каханне, аптымістычны верш з Хірасімай і экзістэнцыяльны крызіс. 14 твораў школьнай праграмы, якія зачапілі нашых чытачоў

Сучаснае каханне, аптымістычны верш з Хірасімай і экзістэнцыяльны крызіс. 14 твораў школьнай праграмы, я...
Школьная беларуская літаратура падавалася сумнай і нецікавай? Не ўсім: чытачы CityDog.io успомнілі шмат твораў, якія вельмі зачапілі іх у школьныя гады. Спойлер, які не вельмі спойлер: любімы аўтар – Уладзімір Караткевіч. А яшчэ многія да сённяшняга дня памятаюць вершы, якія вучылі ў школе. Пачытайце, што назвалі нашы чытачы, і параўнайце са сваім топам праграмнага белліту.

Школьная беларуская літаратура падавалася сумнай і нецікавай? Не ўсім: чытачы CityDog.io успомнілі шмат твораў, якія вельмі зачапілі іх у школьныя гады. Спойлер, які не вельмі спойлер: любімы аўтар – Уладзімір Караткевіч. А яшчэ многія да сённяшняга дня памятаюць вершы, якія вучылі ў школе. Пачытайце, што назвалі нашы чытачы, і параўнайце са сваім топам праграмнага белліту.

АПОВЕСЦІ, АПАВЯДАННІ

«Дзікае паляванне караля Стаха», Уладзімір Караткевіч (1964)

Праграма 9-га класа

Фота: Alfavit.eu.

1888 год, у замак Балотныя Яліны прыязджае малады вучоны-фалькларыст Андрэй Беларэцкі. Тут у сапраўдным страху жыве 18-гадовая Надзея Яноўская, якая лічыць, што на яе родзе ляжыць цяжкі праклён і яна хутка загіне. Дзяўчына расказвае, што яе кашмарыць Дзікае паляванне і розныя прывіды. Беларэцкі застаецца ў замку, каб разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы яго гаспадыні. Гэту аповесць лічаць сапраўдным беларускім хорар-дэтэктывам.

Па словах нашай чытачкі Сабіны, гэта адзіная кніжка з праграмы беларускай літаратуры, якую яна прачытала – і якая ёй спадабалася. З ёй пагаджаецца Ніна: «Адзіны твор са школьнай праграмы, які я перачытвала некалькі разоў (а таксама хадзіла на спектакль па ім у тэатр і шмат разоў глядзела даволі ўдалае кіно). Цікава, прабірае да костак, ды і мараль не тапорная, а вельмі зразумелая і сучасная. Не буду спойлерыць, можа нехта не чытаў».

«Львы», Іван Пташнікаў (1987)

Праграма 8-га класа

Фота: Palatno.media.

У беларускай вёсцы Бабчын, эвакуяванай пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, застаўся сабака Джукі. Ён моцна пакутуе ад невядомай хваробы і адчайна шукае сваіх гаспадароў. Аднойчы ў вёску прыязджаюць людзі, якія павінны пахаваць заражанае сяло і адстрэліць бяздомных сабак...

Калі Міла чытала гэта твор, ён у першую чаргу ўразіў яе праз нетыповага апавядальніка: «Расказ ідзе не ад асобы сабакі, але праз яго ўспрыманне. Мы, беларусы раслі ў кантэксце Чарнобыля, і разгляд з такого боку быў новым на той момант. Не ведаю, ці шкадуюць дзеці больш жывёл за людзей, але я на той момант шкадавала Джукі больш, здаецца, чым ліквідатараў».

«Кветка пажоўклая», Міхась Зарэцкі (1925)

Праграма 10-га класа

Фота: Livelib.ru.

Наша чытачка Аліна даволі добра памятае гэты твор, таму ёй слова: «Галоўная гераіня “Кветкі” падтрымала рэвалюцыю і настолькі паверыла ў гэты савецкі ідэал, што асудзіла свайго роднага брата на смерць. Але мяне ўразіла тое, што аўтар займае досыць лаяльную пазіцыю да гераіні.

Я разумею, што гэта было напісана ў савецкія часы, калі было нормай ставіць партыйнае вышэй за асабістае. Але мне ўсё роўна было незразумела: гэта ж жудасна – вобраз чалавека, які ставіць эфемерныя тэрміны кшталту рэвалюцыі вышэй за гуманнасць! У школе з намі ніхто пра гэта не размаўляў, але чытаць было дзіўна. У мяне адчуваўся экзістэнцыяльны крызіс.

Потым я зразумела другі сэнс: чалавека, які зрабіў шмат для рэвалюцыі, у выніку выкінулі на сметніцу. Свайго месца гераіня не знайшла. Я параўнала гэта з “Валадаром пярсцёнкаў”: там таксама галоўны герой усіх выратаваў, але не змог знайсці сабе месца ў новым свеце і таму выправіўся за мора. Праблема ў тым, што свет мяняецца і ты можаш укласціся ў перамены, але потым нічога не атрымаеш і будзеш ні туды, ні сюды. Успамінала гэты твор і пасля 2020-га...»

«Ладдзя роспачы», Уладзімір Караткевіч (1968)

Праграма 11-га класа

Фота: Sovabooks.pl.

Ксюша расказвае, што чытала гэты твор у 5-м ці ў 6-м класе, але яна вучылася ў беларускамоўнай мастацкай гімназіі – і, магчыма, праграма крыху адрознівалася ад стандартнай.

Чым зачапіла? «Па-першае, тым, што міфы Старажытнай Грэцыі перапляліся з культурай Беларусі. Па-другое, што там апісана менавіта тое спалучэнне беларусаў, дзе язычнікі і хрысціяне побач – і ўсе роўныя. Па-трэцяе – факт, што прачытала на паперы думку, якую доўга думала сама: “Яны хочуць зрабіць касцёл з усяго свету. Як быццам Бог, пажадаўшы такога, не зрабіў бы гэтага сам...” Ну і чацвёртае – знайшла свой лейтматыў па жыцці: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора”.

Я ўжо тады гатова была прызнавацца ў каханні гэтай кнізе – і працягваю цяпер».

«Альпійская балада», Васіль Быкаў, 1963

Праграма 9-га класа

Фота: Oz.by.

Як прызналася нам Аліна, яна якраз нядаўна пераказвала мужу сюжэт гэтага твора. Чым ён яе уразіў яшчэ ў школьныя часы? «“Альпійская балада” чапляе тым, што на фоне вайны і канцлагера раптам з’яўляецца жывая, сапраўдная чалавечая блізкасць. Вельмі кранае кантраст: навокал суровыя горы – і людзі, якім даводзіцца змагацца за жыццё і ратавацца. Для мяне гэты твор пра неверагодную сілу і пра тое, што нават у пекле можна застацца чалавекам.

Пасля прачытання доўга застаецца пачуццё суму і думка пра тое, як нават у самых страшных умовах людзі ўмеюць любіць і падтрымліваць адзін аднаго. Кожны раз, знаходзячыся ў гарах, успамінаю гэты твор».

«Лісце каштанаў», Уладзімір Караткевіч (1973)

Праграма 11-га класа

Фота: Fantlab.ru.

Лета 1944 года, ужо вызвалены, але напаўразбураны Кіеў. Маладыя людзі жывуць, сталеюць, пазнаюць каханне, варагуюць з іншай кампаніей падлеткаў. Яны вельмі мараць пра шчаслівае мірнае жыццё і вырашаюць уцячы на фронт, але для гэтага ім патрэбна ўласная зброя. За горадам яны адкопваюць вінтoўкі і кулямёты, якія пакінулі немцы пpы aдcтyплeнні...

Чытачка CityDog.io Міла ўспамінае: «“Лісце каштанаў” было не пра дарослых, але па-даросламу. Таму трагедыя вельмі закранула – здаецца, я равела колькі дзён. Я лічу, што гэта адзін з найлепшых твораў для юнацтва і моладзі, каб данесці тое, як чорны боль і наступствы вайны трапляюць ва ўсе сферы жыцця, працягваючы трагічны ланцужок амаль бясконца».

РАМАНЫ

«Каласы пад сярпом тваім», Уладзімір Караткевіч (1965)

Раней твор уваходзіў у праграму 11-га класа

Фота: Oz.by.

Абсалютны хіт – не толькі нашай падборкі, але і, магчыма, усіх часоў. Гэту кнігу Уладзіміра Караткевіча называлі ледзь не ўсе нашы чытачы, якія вырашылі расказаць пра свае любімыя творы белліту. Кніга не аднойчы прызнавалася бестселерам, а адна з гераінь рубрыкі «Гардэроб» нават казала, што адчувае сябе гераіняй «Каласоў». Тым больш сумна, што раман быў выключаны са школьнай праграмы ў 2023 годзе і заменены на «Чорны замак Альшанскі» (яго мы таксама любім, але ж не за кошт «Каласоў»).

Твор прысвечаны паўстанню 1863-1864 гадоў і расказвае пра станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе трох пакаленняў шляхецкай сям’і Загорскіх. Ён спалучае ў сабе гісторыю і філасофскія разважанні, паказвае розныя слаі грамадства і стварае шырокую карціну эпохі перад вялікім выбухам паўстання. Таксама ў ім дзейнічаюць такія гістарычныя асобы, як Кастусь Каліноўскі, Тарас Шаўчэнка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя.

«Людзі на балоце», Іван Мележ (1962)

Праграма 10-га класа

Фота: Marks.by.

Раман з цыкла «Палеская хроніка», у якім цэлыя тры часткі. Ён прысвечаны падзеям у звычайнай беларускай вёсцы Курані ў 1920-я гады, калі там усталёўвалася і замацоўвалася савецкая ўлада.

Але гэта ўсё роўна лірычны раман, як называў яго сам Іван Мележ, бо ў цэнтры гісторыі – каханне звычайных вяскоўцаў Васіля і Ганны. Гэта аказалася важным для нашых чытачак: напрыклад, Аліса прызналася, што прачытала ўсе тры часткі «Хронікі» – і ёй «было мала!»

А Наталія, якая таксама адолела ўсе часткі, расказала: «Мне было цікава проста чытаць, паглыбляцца ў гісторыю Васіля і Ганны. Зараз планую перачытаць. Класны сюжэт і цікавае апісанне побыту, працы на зямлі – я сама ўсё дзяцінства правяла на вёсцы. І пры гэтым усё проста і зразумела, у тым ліку эмоцыі герояў».

«Сэрца на далонi», Іван Шамякін (1963)

Праграма 11-га класа

Фота: Profil.adu.by.

1961 год, малады доктар Антон Яраш прыязджае працаваць у раённую бальніцу, гэта сумленны і прынцыповы чалавек. Ён робіць аперацыю на адкрытым сэрцы Зосі Савіч, якая ў ваенны час выратавала яму жыццё, але потым трапіла ў сталінскі канцлагер па даносе. Доктар і яго найлепшы сябар-журналіст вырашаюць правесці ўласнае расследаванне пра тое, што адбывалася на самой справе і ці былі Зося і яе бацька здраднікамі.

«Сэрца на далонi» зачапіла Алісу тым, што «там трансліраваліся каштоўнасці справядлівасці, адукацыі, матывавалі вучыцца. Ну, і я доктаркай хацела стаць!»

«Леаніды ня вернуцца да Зямлі, або Нельга забыць», Уладзімір Караткевіч (1982)

Афіцыйна раман ніколі не ўваходзіў у школьную праграму, але часта вывучаўся на факультатывах

Фота: Knihi.by

У цэнтры твора – гісторыя кахання беларускага паэта Андрэя і выкладчыцы Ірыны ў пасляваенны час, ад самага пачатку асуджаная на драму з-за складаных абставін мінулага. Гэта псіхалагічны і вельмі асабісты раман Караткевіча. Ён назваў яго «Леаніды ня вернуцца да Зямлі»: Леаніды – гэта метэарытны дождж як сімвал прыгожага, але трагічна кароткага кахання герояў. Савецкая цэнзура 20 лет не давала выдаць раман, абвінаваціўшы аўтара ў «абстрактным гуманізме», а потым прымусіла змяніць назву на «Нельга забыць».

«Спачатку спадабаўся урывак з кнігі ў школе, – расказвае нам Аляксандр, – а потым я дарослы цалкам прачытаў і таксама ўразіўся. У асноўным тым, што беларускія кнігі могуць быць нясумна і прыгожа напісанымі. Ну і там было пра каханне – амаль сучаснае, а не нейкае старое-даўняе-складанае, незразумелае мне».

ВЕРШЫ, БАЙКА

«Дзівaк чaлaвeк», Анатоль Вярцінскі (1970-е)

Творчасць Вярцінскага ўключана ў праграму 8-га і 11-га класа

Фота: Livelib.ru.

 

Дзівaк чaлaвeк…
Глядзіць нa расінку мaкaвyю,
a цэлae coнцa бaчыць перад caбoй.
Дзівaк чaлaвeк…
Бяpэ звычaйнyю paкaвiнy
і чye ў ёй aкіянcкі пpыбoй.
Дзівaк чaлaвeк…
Бaчыць cцяжынкy глaдкyю,
a мapыць aб трудных,
цяpністых шляхах
з іx круцізною,
з іx нeбяcпeчнaй зaгaдкaю,
і будзе ісці,
пaкyль мae ciлy ў нaгax.
Дзівaк чaлaвeк…
Ca cтpaтaю нeпaпpaўнaю
нe мірыцца ён ні зa штo ў дyшы.
З няпpaўдaй нe міpыццa,
і з кpыўднaю пpaўдaю
нe xoчa мірыцца –
xoць кoл ты нa ім чaшы.
Дзівaк чaлaвeк…
Ямy шмaт чaгo aдмoвiлi.
A ён нe здaeццa,
a ён нe спіць пa нaчax.
Ён вepыць усё
ў cвoй перпетуум-мобіле,
y пaнaцэю,
y цyдaдзeйны pычaг.
Дзівaк чaлaвeк…
Ямy – Хірасіму, Асвенцім,
ямy, замест імя, – асвенцімскае тaўpo.
A ён пaўтарае,
штo ёcць дaбpo нa cвeцe,
штo бyдзe дaбpo
і штo пераможа дaбpo.
Дзівaк чaлaвeк…
He мoжa нe cпaдзявaццa,
нe мoжa нe вepыць,
нe мoжa ніяк!
Дзівак чaлaвeк…
I гэтa ягo дзівaцтвa –
paтyнaк ягo,
ягo чaлaвeчы знaк.

Алена ўспамінае, што ў школьныя часы рыдала над гэтым вершам. «Напэўна, мяне ўразіў кантраст кавалка, дзе гаворыцца пра Хірасіму, Асвенцім, але чалавек паўтарае, што пераможа дабро. Не ведаю, проста ёсць у гэтым нешта вельмі страшнае і ў той жа час натхняльнае, аптымістычнае.

«Ты пакліч мяне, пазаві...», Яўгенія Янішчыц (1970)

Праграма 9-га класа

Фота: Livelib.ru.

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.

І тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві –
Першы поспех і першыя крокі.

Прыручаюцца салаўі,
І змяняюцца краявіды.
Пачынаецца ўсё з любві –
Нават ненавісць і агіда...

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.

Надзея расказала нам, што закахалася ў гэты твор, як толькі пазнаёмілася з ім. «Я вывучыла яго, напэўна, прачытаўшы пару разоў, настолькі ён моцны і пры гэтым зразумелы кожнаму. Бывае, просяць расказаць нейкі беларускі верш, – гэта заўсёды мой выбар. Ніводнага чалавека ён не пакінуў абыякавым. Сябры з іншых краін таксама застаюцца вельмі ўражанымі, нават калі не ўсё разумеюць: ён жа гучыць як песня».

«Дыпламаваны баран», Кандрат Крапіва, 1926

Праграма 8-га класа

Фота: Smartpress.by.

 

Ў адным сяле (не важна – дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога –
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая.
А лоб дык вось наадварот –
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену – бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён – нічога.
І вось за дурасць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк насмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету.
– Вось,– кажуць,– і дыплом табе.
Што гэта за «дыплом», Баран – ні «мя», ні «бэ»,
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
– А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым.
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
І не раўнуйся ты са мною.
– Аб гэтым лепей памаўчы,–
Сказала яму Кошка. –
Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.

Другі баран – ні «бэ», ні «мя»,
А любіць гучнае імя.

З гэтый байкай у нашай чытачкі Людмілы звязана цікавая жыццёвая і сацыяльная гісторыя: «“Дыпламаваны баран” сустрэўся мне ўпершыню, калі я была, здаецца, ці ў першым, ці другім класе. Суседка па дачы рыхтавалася да экзамену па белліце у 11-м, а я ж дапамагаю! Карацей, “Барана” я вывучыла. І яшчэ доўга была зачараваная, як у байцы спраўна расказалі, чамы не патрэбен гэты дыплом!

Якраз 1994-1995 гады былі крытычнымі для вышэйшай адукацыі, і вось гэтыя дыпломы абмяркоўвалі што СМІ, што эксперты па кухнях. Потым, канешне, усё стала па месцах, але байка усё роўна топ».

«Пахне чабор», Пятрусь Броўка (1957)

Праграма 8-га класа

Фота: Oz.by.

Хіба на вечар той можна забыцца?
...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы.
Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,
Быццам абсыпана промнямі зор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца.
Вось яно – блізкае, яснае шчасце,
Клікнуць хацелася – голас замёр.
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць
Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца.
Сэрца нязменна хвалюе дакор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвілінай – яна прада мною…
Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Наша чытачка Святлана расказала, што яшчэ ў 70-х гадах чытала яго на экзамене і чамусьці думала, што правалілася (але не, атрымала добрую адзнаку). «Там так міла ўсё гаворыцца... І дадумваць нічога не трэба».

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота на вокладцы: www.kaboompics.com, Pexels.com.

#Минск #Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter