{post_image_caption}

Як разабрацца ў польскай медыцыне? І чым яна адрозніваецца ад беларускай? Вялікі практычны гайд ад вядомага доктара

{post_image_caption}

Чым адрозніваюцца сістэмы аховы здароўя Беларусі і Польшчы? Куды звяртацца па дапамогу ў звычайных і экстранных сітуацыях, як наладзіць эфектыўную камунікацыю з медработнікамі і што можна атрымаць у межах дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя Польшчы – расказвае беларускі ўрач Андрэй Вітушка.

мы здесь
Андрэй Вітушка.
Андрэй Вітушка

Пра спецыяліста: Андрэй Вітушка – кандыдат медыцынскіх навук, беларускамоўны анестэзіёлаг-рэаніматолаг, педыятр, спецыяліст інтэнсіўнай тэрапіі з больш як 20-гадовым клінічным досведам, папулярызатар навукі і доказнай медыцыны; цяпер вядзе практыку ў Польшчы.

На сустрэчы «Універсітэта Залатога веку» ў Варшаве доктар расказаў шмат карыснай інфармацыі пра адрозненні і падабенствы паміж сістэмамі аховы здароўя Беларусі і Польшчы, а таксама даў практычныя рэкамендацыі, як арыентавацца ў апошняй. Ніжэй чытайце канспект сустрэчы.

Як выглядае сістэма аховы здароўя ў Беларусі?

Па-першае, яна агульнадаступная: чалавек з беларускім пашпартам аўтаматычна мае доступ да яе. Па-другое, яна збольшага дзяржаўная: прыватная медыцына ёсць, але яна абмежавана толькі амбулаторным сектарам – стаматалогія, гінекалогія, афтальмалогія.

Па-трэцяе, беларуская сістэма аховы здароўя пабудавана іерархічным спосабам. Пацыент прыпісаны да паліклінікі па месцы жыхарства. Шлях эскалацыі складаных выпадкаў наступны: спачатку чалавек паступае ў раённую бальніцу; калі мясцовыя ўрачы не даюць рады, яго пераводзяць у абласную бальніцу, а потым у рэспубліканскі цэнтр. Бывае, што чалавека з вельмі сур’ёзнай паталогіяй забіраюць з узроўню раённай бальніцы ў рэспубліканскі цэнтр, але гэта здараецца рэдка.

Як выглядае сістэма аховы здароўя ў Польшчы?

Тут працуе іншы прынцып: людзі, якія плацяць страхавыя ўнёскі, атрымліваюць доступ да NFZ (Narodowy Fundusz Zdrowia) – дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя. Калі чалавек за сваё жыццё не плаціў страхавыя ўнёскі, то, у адрозненне ад Беларусі, у сталым узросце ён не будзе аўтаматычна мець права на аказанне бясплатнай медыцынскай дапамогі. Але ў сваю страхоўку такога чалавека могуць упісаць, напрыклад, яго дзеці.

Прыватны сектар вельмі развіты: існуюць вялікія прыватныя сеткі са сваімі паліклінікамі, санаторыямі (LuxMed, Medicover, Enel-Med і інш.). Гэтыя кампаніі супрацоўнічаюць з NFZ, і тады чалавек можа кансультавацца таксама ў іх установах, нават калі ў яго няма асобнай страхоўкі гэтай сеткі. Сістэма трошкі больш гнуткая і сеткава-гарызантальная.

Хто мае доступ да дзяржаўнай медыцыны ў Польшчы?

  • Супрацоўнікі на працоўнай дамове або дамове падраду (umowa o pracę, umowa zlecenie);
  • прадпрымальнікі, якія вядуць ІП (JDG, jednoosobowa działalność gospodarcza);
  • беспрацоўныя, калі яны стаяць на ўліку на біржы працы;
  • пенсіянеры, калі яны атрымліваюць польскую пенсію;
  • прадстаўнікі сілавых структур;
  • дзеці да 18 гадоў;
  • цяжарныя і парадзіхі – жанчыны, якія нарадзілі, да 6 тыдняў пасля радавога перыяду (у іх пашыраная страхоўка);
  • студэнты да 26 гадоў, калі іх застрахаваў універсітэт альбо бацькі іх упісалі ў сваю страхоўку;
  • тыя, хто заключыў дамову добраахвотнага страхавання з NFZ, яе кошт – крыху больш за 700 злотых у месяц (больш за 190 руб.).

У чым плюс доступу да NFZ?

Калі чалавек малады і здаровы, у яго няма спадарожных хвароб, бясплатная медыцына для яго некрытычная. Ён можа час ад часу плаціць са сваёй кішэні за разавыя медыцынскія кансультацыі. А людзям у больш сталым узросце варта мець доступ да NFZ, таму што вырастае рызыка хвароб, звязаных з узростам: інфаркты, інсульты, рак і г. д. Калі чалавек трапляе ў шпіталь, напрыклад, з нейкім анкалагічным захворваннем, гэта адразу б’е па кішэні і ўводзіць чалавека ва ўразлівую сітуацыю.

Урачам у польскіх медыцынскіх установах усё роўна, ці маеце вы страхоўку: у іх ёсць маральны абавязак аказваць усім найлепшую дапамогу ў межах сваіх магчымасцей. Без доступу да NFZ вам не могуць адмовіць у дапамозе – але адразу выпішуць рахунак. Пры гэтым у шпіталях ёсць спецыяльныя сацыяльныя работнікі, якія могуць дапамагчы чалавеку сарыентавацца, як уключыць яго ў нейкія страхавыя праграмы, каб шпіталь мог атрымаць свае грошы.

Як выбраць сабе тэрапеўта – найважнейшага ўрача для пацыента ў Польшчы?

Ключавая асоба ў сістэме аховы здароўя Польшчы – гэта ўрач першага кантакту, або lekarz podstawowej opieki zdrowotnej (lekarz POZ). Гэты чалавек таксама называецца тэрапеўт, альбо internista, альбо сямейны ўрач. Ён – пункт уваходу ў сістэму аховы здароўя, самы важны чалавек у гэтай сістэме для пацыента.

У Польшчы ёсць выдатны лічбавы прадукт – Pacjent.gov.pl. Калі ў вас ёсць нумар PESEL, вы можаце зарэгістравацца ў ім і выбраць там сабе любога доктара першага кантакту – незалежна ад месца рэгістрацыі. Доктара можна мяняць раз у 6 месяцаў. Можна выбраць кагосьці знаёмага па рэкамендацыі. Калі вы нікога не ведаеце, ёсць невялікі лайфхак: выбраць сабе доктара проста ў бліжэйшай паліклініцы па прозвішчы, якое падасца вам беларускім або ўкраінскім, каб з ім было больш камфортна камунікаваць. А можна схадзіць у паліклініку і ў рэгістратуры спытаць, ці размаўляе гэты чалавек па-беларуску або па-руску.

Скрыншот з сайта Pacjent.gov.pl.

Скрыншот з сайта Pacjent.gov.pl.

Таксама існуе вельмі карысны партал Znany Lekarz, дзе можна спраўдзіць водгукі пра ўрачоў.

Скрыншот з сайта Znanylekarz.pl.

Скрыншот з сайта Znanylekarz.pl.

Ці ўсе найлепшыя шпіталі Польшчы знаходзяцца ў Варшаве?

У Польшчы няма выразнай цэнтралізацыі. Нельга сказаць, што ўсе вялікія шпіталі і ўсе значныя цэнтры кампетэнцыі знаходзяцца ў Варшаве. Напрыклад, найлепшы кардыялагічны цэнтр, сусветна вядомы, знаходзіцца ў Забжэ (Zabrze) – невялічкім гарадку пад Катавіцамі. А аналаг беларускага цэнтра «Маці і дзіця» – у Лодзі. Калі вам даюць накіраванне на кансультацыю ці на аперацыю, яна можа быць рэалізавана ў любым шпіталі ў Польшчы, уключаючы шпіталі сілавікоў. У Беларусі такое немагчыма – напрыклад, вы не можаце лячыцца ў шпіталі КДБ.

Якія плюсы і мінусы сістэмы аховы здароўя ў Беларусі?

Вялікі плюс Беларусі – тут ёсць універсальны доступ да сістэмы аховы здароўя, да першаснай і спецыялізаванай дапамогі, да хуткай дапамогі: «хуткая» прыязджае практычна на любую сітуацыю. Ёсць добра развітая цэнтралізаваная праграма вакцынацыі, часта лепш прадуманыя паліклінікі.

У Беларусі, асабліва ў вялікіх гарадах, цэнтральная раённая паліклініка – гэта шматпрофільны цэнтр з тэрапеўтамі, хірургамі, гінеколагамі, кардыёлагамі і г. д. Доктар можа ўзяць пацыента з нейкай невядомай сітуацыяй, хуценька зрабіць яму аналізы, ультрагукавое даследаванне, рэнтген, пракансультавацца ў хірурга, паставіць дыягназ і скіраваць у бальніцу з добрым афармленнем. Для параўнання, у Польшчы ж паліклінікі – гэта больш простыя ўстановы, дзе ёсць кабінеты урачоў, нейкая мінімальная лабараторыя, кабінет ЭКГ.

Мінус беларускай аховы здароўя – нераўнамернасць якасці аказання медыцынскай дапамогі. Многія звяртаюцца да знаёмых, каб тыя параілі ім добрага спецыяліста. Праблема Беларусі таксама ў тым, што калі вам добра зробяць аперацыю, то з пасляаперацыйным доглядам могуць быць сур’ёзныя пытанні.

Часта якасць медыцынскай дапамогі не гарантавана, проста так склалася гістарычна – у нас вельмі кароткі прамежак навучання. Дзяржава скіравана не на тое, каб рыхтаваць якасных спецыялістаў, а каб займаць месцы, стаўкі ў лячэбных установах. Каб стаць, напрыклад, нейрахірургам, у Польшчы трэба шэсць гадоў пасля ўніверсітэта: год стажыроўкі як урач агульнай практыкі, а потым некалькі гадоў навучання на нейрахірурга. У Беларусі ты нейрахірург праз год пасля ўніверсітэта.

На жаль, Беларусь выбрала дзіўную тактыку закрывання ад усіх, таму непазбежна тэхналагічнае і навуковае адставанне ад астатняга свету.

Якія плюсы і мінусы сістэмы аховы здароўя ў Польшчы?

Плюсы – у Польшчы большая даступнасць сучасных метадаў лячэння, лекаў, медыцынскіх прылад і сродкаў рэабілітацыі; больш «камфортна» хранічна хварэць, асабліва на анкалогію, асабліва калі табе баліць: тут больш ахвотна прапісваюць абязбольваючыя прэпараты. У Польшчы таксама ёсць рэфундацыі фінансавання сучасных сістэм маніторынгу, напрыклад глюкозы ў крыві, якія вельмі карысныя для пацыентаў з дыябетам.

Таксама ў Польшчы людзям, у якіх выразная хвароба лёгкіх напрыканцы жыцця, ёсць магчымасць мець бясплатны канцэнтратар дома, які пастаянна выпрацоўвае кісларод, а ты можаш перасоўвацца па сваім доме і жыць больш-менш нармальным жыццём.

Тут большы выбар формы медыцынскай дапамогі. Прыватны і дзяржаўны сектары моцна звязаны паміж сабой якраз менавіта праз грошы, якія ідуць за пацыентам з NFZ.

Мінусы – гэта чэргі спецыялістаў, у тым ліку на некаторыя шпітальныя паслугі, напрыклад на аперацыі. Працягласць чакання ўражвае: чалавек з грыжай можа чакаць аперацыі два-тры гады. Але калі з’яўляюцца экстранныя паказанні для аперацыі, то яе зробяць тэрмінова.

Таксама неабходна самастойна думаць пра сваё медыцынскае забеспячэнне, падтрымліваць свой статус уключанасці ў сістэму NFZ, што стварае пэўныя цяжкасці. І важна сачыць за тым, каб вашы дакументы раптоўна не скончыліся. У Польшчы большая самастойнасць людзей, і да гэтага трэба адаптавацца.

Дзе шукаць дапамогі ў Польшчы?

Першы і галоўны каардынатар у гэтай сістэме – ваш сямейны ўрач. Трапіць да вузкага спецыяліста можна толькі з яго накіраваннем, акрамя псіхіятра, стаматолага і гінеколага. Што датычыцца псіхіятрыі, трэба гэтым карыстацца: тут сур’ёзна ставяцца да такіх паняццяў, як дэпрэсія або посттраўматычнае расстройства. Калі ў вас ёсць прыкметы, напрыклад, дэпрэсіі, не цягніце з гэтым – шукайце псіхіятрычнай дапамогі, яна ў Польшчы вельмі эфектыўная.

Калі сямейны ўрач недаступны (у будныя дні з 18:00 да 8:00, у выхадныя дні ўвесь час), трэба звяртацца ў Nocna i świąteczna opieka zdrowotna. Звычайна пры паліклініках ёсць такія кабінеты, дзе прымаюць спецыялісты ў вечаровыя часы і выхадныя дні. Проста знайдзіце ў Google такі найбліжэйшы да вас пункт. Туды можна звяртацца, калі ў вас раптоўна пагоршыўся стан здароўя. Вы ідзяце ў гэты кабінет, вас слухае доктар, выпісвае вам лекі, накіраванне на аналізы і ўсё, што патрэбна.

Таксама існуе SOR – гэта аддзяленне экстраннай дапамогі. Яго асноўная задача – гэта хуткая стабілізацыя пацыентаў, якія прыязджаюць туды ў вельмі кепскім, паўсмяротным стане: пасля дарожна-транспартных здарэнняў, з інфарктамі, інсультамі і гэтак далей. Не трэба звяртацца ў SOR як у паліклініку, а толькі калі ў вас ёсць сапраўды важная прычына: моцна баліць грудная клетка, асабліва пры нагрузцы; вельмі моцна баліць галава; ёсць падазрэнне на інсульт – у такім выпадку можна і патэлефанаваць у хуткую дапамогу (112 або 999).

Тэлефон з надпісам «112».

Фота: Dimitri Karastelev, Unsplash.com.

У SOR дзейнічае сістэма Triage – градацыя пацыентаў па ступені экстраннасці. Першымі абслугоўваюць тых, у каго больш тэрміновае паказанне для медыцынскай дапамогі. Напрыклад, чалавек з сярэдневыражанай праблемай са здароўем можа сядзець там гадзінамі, таму што пастаянна прыходзяць пацыенты з больш экстраннымі сітуацыямі.

Калі ў вас няма ніякай страхоўкі і вас ужо зарэгістравалі ў SOR, то вы ўжо вінныя шпіталю грошы: у нашым, напрыклад, гэта 400 злотых. Калі вы сыдзеце, паглядзеўшы на вялікую чаргу, гэта не значыць, што вас там не было. Таму варта дадаткова падумаць перад тым, як звяртацца ў гэту ўстанову.

Чым карысная электронная сістэма ў польскай медыцыне?

На партале Pacjent.gov.pl варта завесці сабе акаўнт (internetowe konto pacjenta). Па-першае, там захоўваюцца рэцэпты: усе рэцэпты ў Польшчы электронныя, папяровыя практычна не выпісваюцца. Вельмі зручна і лёгка выпісаць пацыенту лекі: напрыклад, калі вы хранічна прымаеце які-небудзь прэпарат, для яго працягнення не трэба фізічна прыходзіць у паліклініку – можна аформіць тэлепараду (анлайн-кансультацыю) з вашым доктарам, і доктар у дыстанцыйным рэжыме прадоўжыць рэцэпт.

Па-другое, на партале ёсць вашы накіраванні, якія таксама выдаюцца ў электронным выглядзе. Акрамя таго, там ёсць выпіскі са шпіталёў, вынікі даследаванняў, вашы бальнічныя лісты і інфармацыя пра тое, колькі вы ў гэтым годзе і ўвогуле заплацілі ў NFZ. У адрозненне ад Беларусі, вы дакладна ведаеце, колькі вы плаціце за сваё лячэнне.

Па-трэцяе, праз гэты партал вы можаце даваць доступ да сваёй медыцынскай дакументацыі іншым асобам альбо ўрачам. У Польшчы ваша медыцынская дакументацыя – гэта ваша ўласнасць. У Беларусі медыцынская дакументацыя пацыента належыць установе аховы здароўя, гэта значыць ваша картачка – фактычна не ваша.

Электронная сістэма добрая тым, што лёгка выпісаць і рэцэпт на лекі, і бальнічны – усё робіцца ў тры клікі. Чалавеку нічога не трэба атрымліваць на рукі, несці лісток працадаўцу. А доктар не памыляецца ў выпісцы бальнічнага.

Як можна запісацца да вузкага спецыяліста ў Польшчы?

Таксама праз партал Pacjent.gov.pl можна запісацца да спецыялістаў: ва ўкладцы Załatw sprawę –> Szukam wolnych terminów leczenia. Там вы выбіраеце свой выпадак (экстранны ці не) і шукаеце, у якой клініцы даступны спецыяліст. Пасля гэтага вы атрымліваеце кантакты ўстаноў, у якіх ёсць вольныя тэрміны, і запісваецеся па тэлефоне або нават па электроннай пошце – у Польшчы гэта даволі добра працуе. Вам трэба будзе назваць або пазначыць лічбавы код накіравання і нумар PESEL.

Між іншым, калі вы не надта добра гаворыце па-польску, можа быць зручней камунікаваць у пісьмовай форме з дапамогай анлайн-перакладчыкаў або ChatGPT.

Рэфундацыя (кампенсацыя кошту) лекаў

У Беларусі гэта боль. Ёсць ільготная катэгорыя насельніцтва, якая атрымлівае лекі бясплатна за кошт бюджэту. Але часта гэта бывае змаганнем: вам выпісваюць толькі беларускія, расійскія альбо кітайскія аналагі – таннейшыя. Нельга сказаць, што ўсе беларускія лекі кепскія, але самі пацыенты могуць лічыць, што доктар выпісаў беларускае – значыць не паставіўся да цябе як да чалавека.

У Польшчы такой праблемы няма. Ёсць так званы спіс рэфундацыі – ён вельмі шырокі і складаецца на аснове розных фактараў, туды ўваходзяць і імпартныя лекавыя сродкі. Чалавек можа папрасіць выпісаць сабе нейкі аналаг, за які заплаціць больш, а можа скарыстацца лекамі са спіса рэфундацыі.

Існуюць таксама розныя віды скідак на лекі (0%, 30%, 50%). Некаторыя прэпараты для лячэння псіхічных хвароб таксама выдаюцца бясплатна. Рэфундуюцца медычныя вырабы: напрыклад, сістэма для пастаяннага маніторынгу глюкозы, артэзы пры пераломах. Таму польская медыцынская сістэма больш «пацыентаарыентаваная». І выпісаць рэфундаваныя лекі можа любы доктар, нават прыватны, які мае кантракт з NFZ.

Лекі.

Фота: Roberto Sorin, Unsplash.com.

Як трэба камунікаваць з дактарамі ў Польшчы?

Па-першае, пажадана ведаць польскую мову хаця б на базавым узроўні – гэта найлепшая інвестыцыя ў сябе. Па-другое, шчыра кажыце пра свае патрэбы: расказвайце ўсё як ёсць – і не бойцеся задаваць пытанні.

У Польшчы прынятыя партнёрскія адносіны паміж урачом і пацыентам – не толькі таму, што гэта элемент культуры і тут прынята шанаваць усіх навакольных. Урач працуе фактычна сам на сябе, мае сваю індывідуальную медыцынскую ліцэнзію. У Беларусі ліцэнзію маюць медыцынскія ўстановы, а ўрачы прывязаны да гэтых устаноў. У Польшчы ж цэніцца інстытут рэпутацыі: важна, што пра цябе пішуць на партале Znany Lekarz.

Наладжвайце супрацоўніцтва, будзьце ветлівымі, прыходзьце своечасова. А калі вам здаецца, што вас не выслухалі, што вы маеце яшчэ што паведаміць, скажыце пра гэта. Калі нешта не запомнілі, прасіце гэта запісаць.

Перад прыходам да ўрача таксама варта сабе збудаваць нейкую структуру таго, што вы будзеце казаць: на што скардзіцеся, дзе баліць, чым гэта справакавана, як даўно баліць, што дапамагае.

Якія вашы правы як пацыента ў Польшчы?

Калі вы зарэгістраваны ў NFZ, то маеце права на сямейнага ўрача, на бясплатнае накіраванне да спецыялістаў, на шпіталізацыю, на лекі (якія могуць быць часткова ці цалкам рэфундаваныя).

Вы маеце права выбіраць урача і мяняць яго два разы на год.

Вы можаце звяртацца да спецыяліста альбо ў любы шпіталь на тэрыторыі Польшчы.

Вы маеце права на зразумелую вам інфармацыю: доктар павінен вам патлумачыць на даступным вам узроўні ваш дыягназ, патрэбныя даследаванні, як дзейнічаюць лекі, як яны спалучаюцца паміж сабой, якія ёсць магчымыя рызыкі. Сістэма не абавязана прадстаўляць вам перакладчыка, але вы можаце прыйсці з чалавекам, які гаворыць па-польску; карыстацца перакладчыкам у тэлефоне і прасіць, каб вам запісалі гэту інфармацыю.

Вы можаце атрымліваць копіі аналізаў, выпісак, глядзець сваю гісторыю хваробы і перадаваць гэтыя дакументы выбраным людзям. Добра падумайце, хто з вашых блізкіх лепш можа камунікаваць з персаналам: бывае, што калі нехта тэлефануе і спрабуе даведацца пра пацыента, але гэты чалавек не ўпісаны як давераная асоба на прадстаўленне інфармацыі, таму інфармацыя яму не будзе прадстаўлена.

Усё, што вы кажаце ўрачу, – гэта медыцынская таямніца: за гэтым рэальна вельмі сочаць.

Вы маеце права на згоду на лячэнне: ніхто не можа вас прымусіць прымаць лекі або прымусіць да нейкіх аперацый. Доктару забаронена настойваць на пэўным лекавым сродку ці працэдуры.

У вас ёсць права на іншае меркаванне – калі ў вас ёсць нейкія сумневы, можна звярнуцца да іншага спецыяліста, а потым з першым абмеркаваць тое, што вам сказаў другі.

Вы маеце права на годнае стаўленне, без дыскрымінацыі па ўзросце і іншых прыкметах. За гэтым вельмі сочаць.

У вас ёсць права на доўгатэрміновую апеку (вам можа быць прызначаны сацыяльны работнік, які будзе прыходзіць некалькі разоў на тыдзень і дапамагаць з бягучымі справамі, або накіраванне ва ўстанову апекі) і права на рэабілітацыю – можна атрымаць накіраванне ў санаторый, калі ў вас ёсць доступ да NFZ і паказанні для гэтага. Звяртайцеся да вашага сямейнага ўрача.

Тое, чаго няма ў Беларусі: у Польшчы ёсць упаўнаважаны па правах пацыента. Гэта цэлая структура, якая рэальна працуе. У шпіталях таксама ёсць спецыяльныя людзі, якія адказваюць за правы пацыентаў. Да іх можна звярнуцца, калі вы лічыце, што вашы правы парушаны.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Варшава #Минск #Польша #Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter