Спальня ў старой камяніцы. Фота: @h_kaspiarovich, Threads.com.

Беларусы набылі нежылое памяшканне, запрасілі гэту дызайнерку – і атрымаўся інтэр’ер, які трапіў у прэстыжны лайфстайл-часопіс. Паглядзіце на прыгажосць!

{_banner_code_header}
Спальня ў старой камяніцы. Фота: @h_kaspiarovich, Threads.com.

Беларуская мастачка і архітэктарка з нікам h_kaspiarovich 13 красавіка падзялілася ў Threads, што яе інтэр’ерны праект апублікаваў польскі часопіс Label Magazine – выданне, куды, паводле слоў дзяўчыны, вельмі складана трапіць. Пры гэтым яе працу прынялі ўжо з першай спробы. CityDog.io расказвае, як гэта ўдалося і чаму гэта важна.

мы здесь

Што адбылося?

13 красавіка архітэктарка напісала ў Threads, што яе праект з’явіўся ў Label Magazine. Паводле яе, яна не раз чула ад людзей, што трапіць у гэтае выданне амаль немагчыма: людзі гадамі дасылаюць працы і часта не атрымліваюць адказу.

Аднак у яе выпадку ўсё адбылося хутка. Яна адправіла праект у рэдакцыю і ўжо на наступны дзень атрымала адказ, што яе дызайн з беларускай разынкай гатовыя апублікаваць.

А што гэта за праект?

Гаворка ідзе пра аб’ект у старой камяніцы ў Торуні. Раней гэта памяшканне не было прызначана для жыцця, але сям’я беларусаў вырашыла яго набыць і перарабіць пад жыллё. Да h_kaspiarovich звярнуліся па дызайн-праект.

У інтэр’еры захавалі галоўныя асаблівасці старога дома – цагляныя сцены і высокія столі. Падлогу давялося поўнасцю замяніць: яна была ў дрэнным стане. Падчас рамонту нават здарыўся інцыдэнт: у працэсе расчысткі падлога правалілася ў падвал.

Старая камяніца ў Торуні. Фота: @h_kaspiarovich, Threads.com.

Асаблівую ўвагу надалі спальні. Заказчыца – фларыстка, таму там зрабілі шкляную нішу з сухацветамі, дзе яна можа працаваць і рэалізоўваць свае ідэі. У пакоі таксама з’явіўся стол, які адначасова служыць месцам для захоўвання.

Архітэктарка адзначае, што стараецца дадаваць у кожны праект беларускую разынку. У гэтым выпадку ёю стала карціна беларускай мастачкі Вікторыі Старавойтавай «Млечны шлях».

Старая камяніца ў Торуні. Фота: @h_kaspiarovich, Threads.com.

Чаму гэта важна?

Практыка паказвае, што рэдакцыя Label Magazine самастойна адбірае праекты і не гарантуе адказу на ўсе заяўкі. Таму публікацыя там лічыцца складанай і прэстыжнай.

Раней у польскіх медыя ўжо з’яўлялася іншая яе праца – у выданні Architektura&Biznes. Але тады праект апублікавалі пасля атрымання ўзнагароды з адзнакай на конкурсе, арганізаваным Польскім таварыствам горадабудаўнікоў, на найлепшую дыпломную ўрбаністычную працу. Там беларуска атрымала ганаровую згадку ў I катэгорыі, і гэту працу на конкурс дасылаў прамоўтар (тады толькі ён мог гэта зрабіць).

Цяпер жа гэта першая інтэр’ерная праца, якая трапіла ў медыя менавіта праз адкрытую заяўку.

Паглядзіце яшчэ на адну працу гэтай дызайнеркі

Раней CityDog.io пісаў, што h_kaspiarovich публікавала ў Threads праект інтэр’ера ў сучасным беларускім стылі. Усяго за суткі яе пост набраў больш за 1500 лайкаў і каля 130 каментарыяў.

Архітэктарка тлумачыла, што ў аснове такога інтэр’ера – «этнакод».

«Сучасны беларускі інтэр’ер нясе ў сабе этнакод. Але ён не крычыць, не б’е ў вочы, ён ціхенька праходзіць чырвонай нітачкай праз усю прастору.

Гэта месца, дзе замест жырандолі пры ўваходзе вісіць саламяны павук, які выконвае сваю функцыю – адпужвае злых духаў на парозе! Дзе ў вышыўцы пераплятаюцца ўзоры родных краёў. Дзе прысутнічаюць творы беларускіх мастакоў і творцаў. Дзе ў рэшце рэшт вісіць слуцкі пояс!

Пішу, а ў мяне слёзы коцяцца ад таго, якія ў мяне кліенты, якія запыты маюць і наколькі я магу спалучаць дзве мае любові ў адной працы – Беларусь і мастацтва».

Інтэр’ер у сучасным беларускім стылі. Фота: @h_kaspiarovich, Threads.com.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Польша
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter