Папулярны паблік зрабіў агляд крамы з таварамі, вырабленымі ў калоніях. Разбіраемся, чаму гэта (не) ОК

Папулярны паблік зрабіў агляд крамы з таварамі, вырабленымі ў калоніях. Разбіраемся, чаму гэта (не) ОК
11 сакавіка праект Obzoor.by апублікаваў відэа пра краму «еДИН» у Бабруйску, дзе прадаюць мэблю і адзенне, вырабленыя зняволенымі. Ужо ўвечары ролік выдалілі з сацсетак. CityDog.io вырашыў разабрацца, наколькі этычна прадаваць такія тавары і як умовы працы ў калоніях апісваюць самі былыя зняволеныя.

11 сакавіка праект Obzoor.by апублікаваў відэа пра краму «еДИН» у Бабруйску, дзе прадаюць мэблю і адзенне, вырабленыя зняволенымі. Ужо ўвечары ролік выдалілі з сацсетак. CityDog.io вырашыў разабрацца, наколькі этычна прадаваць такія тавары і як умовы працы ў калоніях апісваюць самі былыя зняволеныя.

мы здесь

Што здарылася?

11 сакавіка праект Obzoor.by апублікаваў ролік, у якім вядучая з вялікім энтузіязмам расказвала пра незвычайную краму ў Бабруйску. Там прадаюць тавары, зробленыя зняволенымі.

У відэа вядучая з усмешкай на твары расказвала пра мэблю і іншыя драўляныя вырабы, якія зрабілі на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве пры калоніі, а таксама пра адзенне, якое шыюць на мясцовай вытворчасці.

У аглядзе вядучая радасна адзначыла, што «ассортимент магазина разнообразный, цены приятные». Яна звярнула ўвагу на настольны гадзіннік за 77,27 руб., карціну з дрэва за 137,28 руб. і плед за 42,87 руб. Асобна блогерка прайшлася і па якасці вырабаў, якія ствараюць зняволеныя.

«Для теплого сезона есть мангалы, причем достаточно прочные. Мебель из массива либо корпусная отлично подойдет для дачи. Диваны, стулья, столы и другое. Также представлен домашний текстиль и спецодежда», – энергічна заявіла блогерка. Напрыканцы яна, усміхаючыся, спытала, як гледачы ставяцца да падобных крам, і папрасіла дзяліцца меркаваннямі ў каментарыях.

Увечары таго ж дня ролік выдалілі з сацсетак.

Скрыншоты з выдаленага відэа Obzoor.by.

У каментарыях пад відэа беларусы не падзялілі захаплення вядучай

Нягледзячы на захоплены агляд ад блогеркі, у каментарыях беларусы пачалі крытыкаваць такую рэкламу.

«Гамон вам. Людзі знаходзяцца ў гвалтоўных умовах і рабстве, а ваша вядучая з усмешкай распавядае, як гвалтаўнікі на гэтым зарабляюць», – напісала беларуска з нікам istorichka1296 пад відэа.

Многіх здзівіў такі пазітыўны агляд крамы з таварамі, зробленымі зняволенымі, яго нават параўноўвалі з аповедам пра пірожныя. «Какой радостный обзор, словно про пирожные рассказ», – параўнала ў каментарыях pr_alchemist.

«Вы хоть понимаете, что люди за 3 копейки оплаты производят то, что продают за нормальный ценник, и им в карман это не идет. Бесплатное рабство. Улыбка на лице вообще не к месту», – дадала dash_kina.

Што гэта за крама?

Крама «еДИН» адкрылася ў Бабруйску ў жніўні 2025 года.

На сайце крамы – даволі шмат тавараў для розных частак дома. Ёсць і асобны раздзел «Мы рэкамендуем». Там, напрыклад, можна знайсці камплект мэблі «Рэка» за 2975,50 руб. Таксама прапануюць звярнуць увагу на крэслы, якія каштуюць ад 128,30 руб., а яшчэ на барную стойку за 670 руб. Акрамя таго, на сайце ёсць магчымасць купіць падарункавы сертыфікат на 50 руб.

Крама «еДИН» у Бабруйску – 16-я ў сетцы гандлёвых аб’ектаў крымінальна-выканаўчай сістэмы Беларусі. Тавары для падобных крам часта вырабляюць у калоніях, у тым ліку там, дзе знаходзяцца палітвязні. Так, паводле інфармацыі праваабаронцаў, у бабруйскай ІК-2 цяпер утрымліваюцца 73 палітвязні. Сярод іх – беларусы, асуджаныя за ўдзел у мірных пратэстах, каментарыі і іншыя дзеянні. Усяго на 12 сакавіка ў Беларусі палітычнымі зняволенымі прызнаны 1139 чалавек.

Так выглядае каталог тавараў на сайце крамы «еДИН». Фота: скрыншот един.бел.

Чаму гэта не ОК?

Алег
праваабаронца

– У міжнародным праве няма прамой забароны на продаж прадукцыі, вырабленай у месцах зняволення. Але гэта дапушчальна толькі пры выкананні даволі строгіх умоў.

Праца не павінна быць прымусовай, павінна быць выключна добраахвотнай. Павінна захоўвацца бяспека працы, належная аплата і іншыя базавыя ўмовы. Наколькі вядома праваабаронцам, у беларускіх калоніях гэтага няма.

Фактычна праца зняволеных у беларускіх турмах рабская. Бываюць абсурдныя выпадкі, калі людзі расказваюць, што за месяц працы зарабляюць не рублі, а капейкі. Калі людзі месяцамі працуюць на вытворчасці ў такіх умовах, цяжка нават гаварыць пра нейкую справядлівую аплату.

Блогерскія агляды, якія з’яўляюцца цяпер, з пункту гледжання маралі неэтычныя і немаральныя. Па сутнасці, яны рэкламуюць гэту працу і нармалізуюць ненармальнае.

Дарэчы, цяпер у Еўрапейскім саюзе абмяркоўваецца пытанне забароны на такія тавары. З канца 2027 года, наколькі вядома, павінна запрацаваць поўная забарона на прадукцыю, вырабленую з выкарыстаннем прымусовай працы.

Ілюстрацыйнае фота: Omar Alrawi, Unsplash.com.

А вось як успамінаюць працу ў калоніях былыя палітвязні

«Улетку тэмпература падымаецца прыкладна да 40 градусаў»

Марыя*

былая палітзняволеная

– У тых брыгадах, дзе я працавала, мы шылі не толькі ваенную форму – рабілі вопратку для супрацоўнікаў метро, а яшчэ нейкія нагавіцы і курткі для палявання.

Умовы працы там мала адпавядаюць нормам бяспекі і наогул не спрыяюць ні фізічнаму, ні маральнаму стану. У памяшканнях дрэнная вентыляцыя, шмат пылу, абсталяванне старое.

Улетку тэмпература паднімаецца прыкладна да 40 градусаў. Адкрываюць усе вокны, але нават у спёку цябе можа прадзьмуць. Брыгадзіркі – зняволеныя, а майстрыхі – вольныя супрацоўніцы. У некаторых брыгадах яны пастаянна крычаць, таму атмасфера вельмі напружаная.

Да таго ж частка тканіны прапітана нейкімі рэчывамі. Ад іх нават у людзей без алергіі бываюць алергічныя рэакцыі.

«Стаячая праца ў пыльным цэху»

Таццяна*
былая палітзняволеная

– Я добра памятаю працу ў раскройным цэху. Спачатку на доўгія сталы пластамі насцілалі тканіну, падраўноўвалі яе і клалі зверху лякалы. Потым вялікія дэталі выразалі спецыяльнай машынкай з нажом, а астатнюю тканіну разразалі і перадавалі на стужачныя пілы, дзе выразалі дробныя элементы.

Увесь гэты час праца была стоячая: падчас насцілання трэба было пастаянна хадзіць узад-уперад, а падчас раскрою і за піламі – стаяць, таму тым, хто не прывык, спачатку бывае цяжка.

Акрамя таго, у цэху вельмі пыльна. Калі разразаеш тканіну, у паветры шмат дробных часцінак. Я маску не насіла, але многія, хто працаваў за піламі, працавалі ў масках, бо пылу там шмат.

Фізічна там можа быць цяжка. Раскройная машынка, напрыклад, важыць каля 16 кілаграмаў. Калі ты важыш каля 60, гэта амаль трэць тваёй вагі. Нават калі ты не працуеш з машынкай, усё роўна даводзіцца насіць выкрайкі, перадаваць іх на пілы.

На працы заўсёды была рызыка траўмы. Па правілах бяспекі трэба насіць кальчужную пальчатку, але на практыцы яна абараняе толькі часткова. Адна са зняволеных працавала з дыскам, які разразае тканіну, і прайшлася ім сабе па пальцах. На адным быў моцны парэз, а на другім адрэзала частку падушачкі.

У нейкі момант у цэху ўвялі спецыяльную форму і выдалі абутак – басаножкі з адкрытымі пальцамі. Для раскройнага цэха гэта выглядае вельмі дзіўна, бо ты цэлы дзень стаіш побач з абсталяваннем, вакол правады, можна ўдарыцца або зачапіцца. Таксама ў іх былі вельмі доўгія шнуркі, якія даводзілася абразаць, бо яны пастаянна чапляліся. Казалі, што гэта нібыта артапедычны абутак, але спецыяльная выпукласць для ступні знаходзілася не там, дзе трэба.

*Імёны зменены.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter