У мінскай паліклініцы №9 назву працэдуры «забор крыві» пераклалі на беларускую мову літаральна – як «плот крыві». Фота талончыка трапіла ў Threads і выклікала хвалю жартаў і абмеркаванняў.
Карыстальнік Threads @ph.redzin апублікаваў фота талончыка, які яму выдалі ў паліклініцы №9 у Мінску. Дакумент аформлены па-беларуску, але назва працэдуры выклікала пытанні: замест «забор крыві» там пазначана «плот крыві».
Справа ў тым, што слова «плот» у беларускай мове азначае агароджу, а не медыцынскую працэдуру. Таму такі пераклад выглядае як вынік літаральнага або аўтаматычнага перакладу з рускай мовы без уліку значэння.
Пост хутка стаў папулярным: ён сабраў больш за 750 лайкаў і каля 150 каментарыяў. Беларусы ў каментарыях адрэагавалі з гумарам і пачалі дзяліцца ўласнымі прыкладамі моўных кур’ёзаў.
Сярод каментарыяў былі, напрыклад, такія: «Нарэшце штосьці перамагло вавёрак у пельменях».
Іншыя ўспаміналі падобныя выпадкі з аўтаматычным перакладам: «Я помню, как-то на вокзале в Жлобине видел надписи “от себя” и “на себя”, на английском перевели “from itself” и “on itself”».
Або з навучання: «Сын рассказывал, как в универе защищали рефераты по белмове. Фразу “Евфросиния Полоцкая приняла причастие” перевели как “Еўфрасіння Полацкая прыняла дзеепрыметнік”».
Аўтар паста пазней удакладніў, што паведаміў пра памылку ў стол даведак паліклінікі. Паводле яго слоў, ёсць надзея, што фармулёўку выправяць.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















