«А так можна было?» Спыталі беларусаў, на якой мове прымаюць прысягу ў арміі. Вось што яны адказалі

Выбар мовы – гэта частка нашай ідэнтычнасці. А што наконт арміі: ці ёсць там месца беларускай мове? І ці ведаюць пра такую магчымасць самі прызыўнікі? З нагоды вясновага прызыву ў армію, які пачаўся 23 красавіка, CityDog.io пагутарыў з тымі, хто ўжо зрабіў свой моўны выбар і расказаў, як гэта было.

мы здесь

Што здарылася?

На СТБ у праграме Рыгора Азаронка «Так! Але…» госці разглядалі пытанне: «Белорусский язык: нужен ли он тем, кто говорит по-русски?». Сярод гледачоў у зале быў Станіслаў Бажычка, намеснік начальніка па ідэалагічнай працы цэнтральнага вузла сувязі Міністэрства абароны. Ён адзначыў, што шмат людзей выказваюць жаданне прымаць прысягу на беларускай мове – ад 30 да 50%.

А што кажа статыстыка?

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (перапіс насельніцтва 2019 года), беларускую мову назвалі роднай 61,2% жыхароў краіны. Пры гэтым у паўсядзённым жыцці яе выкарыстоўваюць значна радзей: толькі 26% заявілі, што размаўляюць дома па-беларуску.

Афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі прызыўнікоў выбірае беларускую мову для прыняцця прысягі, у адкрытым доступе няма. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь не публікуе такіх даных у штогадовых справаздачах або прэс-рэлізах. Таму ацэнка, якая гучала ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, не падмацавана ні даследаваннямі, ні афіцыйнай статыстыкай.

Незалежных даследаванняў, якія б дакладна фіксавалі долю беларускамоўных прысяг у войску, таксама няма. Асобныя медыя і апытанні перыядычна публікуюць сведчанні вайскоўцаў, але гэта якасныя, а не колькасныя даныя.

Аналіз публічных выступаў і афіцыйных матэрыялаў Мінабароны паказвае, што асноўнай мовай камунікацыі застаецца руская, а беларуская выкарыстоўваецца эпізадычна ва ўрачыстых і сімвалічных кантэкстах.

CityDog.io запытаўся ў беларусаў, на якой мове яны прымалі прысягу – і чаму.

Анатоль, 32 гады: «У роце мы размаўлялі хто як – хутчэй на трасянцы, чым на адной з дзяржаўных»

– Мой бацька – пісьменнік, маці – выкладчыца. 80% часу мы размаўлялі ў сям’і на беларускай мове. На рускай было навучанне ў школе і ва ўніверы.

Калі ў 2013-м я пайшоў у армію, памятаю, што камандзір у нас запытаў, хто на якой мове хоча прымаць прысягу. Я нават і хвіліны не думаў, на якой. Канешне, на роднай. Акрамя мяне з 50 чалавек было яшчэ 5 ці 6 такіх.

Нас не крыўдзілі, але і моцнай павагі да такога выбару таксама не было. Далей у роце мы размаўлялі ўжо хто як – хутчэй на трасянцы, чым на адной з дзяржаўных.

Иллюстративное фото военнослужащих.

Фота: Filip Andrejevic, Unsplash.com.

Алесь, 24 гады: «Стаўленне ў роце было роўнае да ўсіх – мова ніяк не ўплывала»

– У жыцці я размаўляю па-руску, але цягам апошніх гадоў пачаў цікавіцца беларушчынай. Я шукаю музыку і кантэнт па-беларуску, перачытаў класіку і вывучаю гісторыю нашай краіны.

Таму ў 2024 годзе, калі я пайшоў у армію і там даведаўся, што можна выбіраць мову прысягі, урачыста зачытваў на роднай. Акрамя мяне было яшчэ чалавек 10 з 200. Мала, але меншасцю мы сябе не адчувалі, бо стаўленне ў роце было роўнае да ўсіх – мова ніяк не ўплывала.

Камандзіры на 100% былі рускамоўныя, а з хлопцаў, можа, чалавек пяць толькі было беларускамоўных. Часам я і сам пераходзіў з імі на родную мову – калі побач ёсць хтосьці, неяк яно лягчэй атрымлівалася.

Уладзь, 22 гады: «Беларускай не хапае ў анлайн- і афлайн-жыцці»

– Прысягу я прымаў у 2023-м у Баранавічах на рускай. З нашых 30 чалавек тады 5 выбралі клятву чытаць па-беларуску. Гэта былі хлопцы з вёсак. Яны тлумачылі, што ім так прасцей, бо і ў жыцці яны размаўлялі на беларускай.

Стаўленне камандзіраў і таварышаў па службе было цалкам нармалёвае, ніякіх каментарыяў з нагоды мовы ад іх я ніколі не чуў. Сам таксама стаўлюся з павагай да нашых дзвюх дзяржаўных моў. Лічу, што беларускай нам не хапае ў анлайн- і афлайн-жыцці: і на вуліцах не пачуеш асабліва, і фільмаў ды мульцікаў хочацца больш глядзець на беларускай.

Алег, 22 гады: «Мы ж беларусы, таму і клятву даём па-беларуску»

– Пачалося ўсё ў 2024 годзе з ваеннай кафедры БДУ. Тады на беларускай мове прысягу прымала значная большасць групы. А потым я яшчэ і служыць пайшоў. Мне паўторна прысягаць было не трэба, але з нашых чалавек 40 больш за палову выбралі беларускі варыянт.

Для мяне і маіх сяброў гэта не было нечым дзіўным: мы ж беларусы, таму і клятву даём па-беларуску. Пры гэтым у жыцці, можа, толькі 30% чалавек з нашай кампаніі беларускамоўных. Дарэчы, некаторыя камандзіры, калі са мной размаўлялі, і самі пачыналі нейкія слоўцы беларускія ўстаўляць – так беларусізацыя і пачынаецца.

Белмова ў маім паўсядзённым жыцці прысутнічае кожны дзень: шмат ціктокаў кідаем з сябрамі на беларускай, музыку новую таксама слухаем і падтрымліваем сваю, намагаемся такім чынам зберагчы ідэнтычнасць.

Арцём, 31 год: «Я да беларускай мовы ставіўся досыць дрэнна»

– Я прымаў прысягу на рускай мове. Таму што тады, у 2016 годзе, я да беларускай мовы ставіўся досыць дрэнна. Усе навокал размаўлялі на рускай, і я не памятаю, каб хто-небудзь прымаў прысягу на беларускай. Пачаў роднай мовай цікавіцца і «пераабуўся» я толькі пасля 2020-га, а размаўляць пачаў увогуле ў 2022-м. Цяпер гэта частка мяне, тое, што робіць мяне беларусам.

Иллюстративное фото армии.

Фота: Parker Coffman, Unsplash.com.

Стась, 20 гадоў: «Я хацеў парадаваць бабулю»

– У жыцці я рускамоўны, але на беларускай добра чытаю і з задавальненнем гляджу YouTube-шоу.

У тым годзе я выбраў прысягаць па-беларуску. Калі шчыра, мне асабіста не было ніякай розніцы, на якой мове, але ж я хацеў парадаваць бабулю. Яна з дзяцінства мне чытала вершы і спявала па-беларуску, таму ў гэты дзень я зрабіў невялічкі крок да традыцый нашай сям’і.

Калі ў Беларусі застанецца толькі адна дзяржаўная мова, па рускай я сумаваць асабліва не буду.

Артур, 38 гадоў: «Я нават і не ведаў, што ёсць прысяга па-беларуску»

– Я скончыў беларускамоўную школу і пры паступленні ў інстытут здаваў іспыты на беларускай. Але ў 2006-м я нават і не ведаў, што ёсць прысяга па-беларуску. Ні камандзіры, ні сябры – ніхто пра гэта не казаў. Таму і прысягаў разам з усімі на рускай мове.

Калі б можна было вярнуцца, канешне, выбраў бы родную, беларускую. Бо цяпер я ўжо амаль 10 гадоў як перайшоў з рускай на нашу. Пачалося ўсё з кніг Караткевіча, Міцкевіча і Коласа, таму не дзіва, што ў краіне цяпер столькі забарон на літаратуру: якасныя творы могуць змяніць стаўленне да гісторыі, культуры і нават самога сябе.

Данііл, 18 гадоў: «А так можна было?»

– А так можна было? У мяне 23 мая прысяга будзе. Запытаю камандзіра абавязкова, каб прысягаць па-беларуску.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Еще по теме:
Россиянка переехала жить в Минск и учит беларуский язык, чтобы встретиться с известным блогером. Почитайте, с какими сложностями она сталкивается
Крута! Выйшла беларуская дакументалка пра сям’ю, якая больш за 10 гадоў змагалася за беларускую мову
За день
«Не знаешь язык – не говори». Парень перестал говорить по-беларуски из-за хейта. Спросили экспертку, как с этим справиться
поделиться