Аўтарка таго самага перакладу «Гары Потэра» выпусціла кнігу пра Віцебск – вось чаму яе варта прачытаць

Аўтарка таго самага перакладу «Гары Потэра» выпусціла кнігу пра Віцебск – вось чаму яе варта прачытаць
У выдавецтве «Мяне няма» выходзіць кніга беларускай перакладчыцы Алены Пятровіч – пра Віцебск дзевяностых і сваё жыццё ў ім. Вось чаму варта яе прачытаць.

У выдавецтве «Мяне няма» выходзіць кніга беларускай перакладчыцы Алены Пятровіч – пра Віцебск дзевяностых і сваё жыццё ў ім. Вось чаму варта яе прачытаць.

Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска. Алена Пятровіч.

Алена Пятровіч – літаратарка, віцьбічка і перакладчыца «Гары Потэра». Фото: Violetta Savchits.

Пра што кніга? І ці можна прачытаць урывак?

Пра Віцебск – такі, якім яго памятае аўтарка і ў які (пакуль) не можа вярнуцца.

Бібліятэка Казіка, БДТ-2, Лучоса з Віцьбай і «Віцьбай», Шагал, Пушкін, «помнік голым жанчынам» і той самы Сіні дом… Добрая магчымасць занурыцца ў Віцебск like a local. Або ў настальгію з элементамі краязнаўства – калі вы мясцовы.

«Віцебск мне здаваўся вельмі недаацэненым і як локус, і як герой кнігі – столькі ўсяго можна пра яго напісаць, а мне траплялася надта мала», – кажа Алена.

І вось урывак з кніжкі.

Вялікая вада

У маёй карціне свету ў паняцце «горад» заўжды ўваходзіла паняцце «рака», як бы будучы яго часткай. Гэтаму ўспрыманню спрыялі і падручнікі па гісторыі, дзе гаварылася, што ў старажытнасці людзі сяліліся на берагах рэк, і тое, што ў дзяцінстве я выязджала да цёткі ў Магілёў, да іншых сваякоў у Дніпро ва Украіне, якое стаіць на той самай рацэ, што і Магілёў, ды ў Полацк-на-Дзвіне, дзе жыла маміна стрыечная сястра. Наяўнасць ракі ў горадзе здавалася мне нечым такім натуральным, што я пэўны час увогуле не думала, быццам могуць існаваць гарады без Вялікай Вады. Яшчэ з таго часу я ведаю, што калі нешта ў жыцці не так, то я магу пайсці да вады, і стане трохі лепей.

Паняцце Вялікай Вады я прыдумала пазней, бо, па сутнасці, якая розніца ёсць у цябе рака, акіян, мора ці вялізнае, як мора або рака, возера. Любая такая вада дадае месцу жыцця і робіць яго сапраўды вітальным. І з усяго гарадскога ландшафту гэта тое, што чалавеку найскладаней у імгненне знішчыць ці сапсаваць. (Амаль штогод загнаная пад зямлю ў калектары Няміга дае пра сябе знаць, спыняючы рух у цэнтры Менска.) Цунамі, паводкі, разводдзі могуць несці пагрозу чалавеку, аднак я не магу не захапляцца тым, як вада часам дыктуе свае правілы.

Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска. Алена Пятровіч.

Адзін з першых маіх успамінаў, якія датычацца непасрэдна Віцебска, звязаны акурат з гэтым. Я жыла ў мікрараёне Поўдзень-6, збудаваным у 1980-я гады. Тады гэта была ўскраіна, і далей пачынаўся лес. Наш аўтобусны прыпынак быў канцавым, і ўсе ведалі расклад усіх чатырох аўтобусаў — жоўтых «Ікарусаў», тры з якіх злучалі нас з «горадам»: так называлі яго цэнтральную частку, downtown, не толькі ў нас. Аўтобус нумар 12 праязджаў усю галоўную вуліцу Леніна і ўжо ля філармоніі паварочваў на Уланавічы ён пераважна быў забіты дачнікамі, якія з самага ранку спяшаліся на свае соткі, або людзьмі, падобнымі да дачнікаў, якія ехалі на самыя вялікія ў той час могілкі праполваць пустазелле і саджаць там кветкі. Аўтобусы 10 і 17 з Леніна на плошчы Свабоды зварочвалі да тэатра на мост і ехалі да вакзала, дзе «дзясятка» мела канцавы прыпынак, а 17-ы ехаў далей, у нейкую таямнічую бо невядомую мне частку горада, на Карла Маркса, куды я не трапляла гадоў да чатырнаццаці.

І вось аднойчы здарылася нешта: рака (пад ракой звычайна маецца на ўвазе Дзвіна) разлілася так, што 17-му аўтобусу давялося змяніць маршрут. Цяпер каля кінатэатра «Брыганціна» ён стаў зварочваць з Чкалава налева, на праспект Будаўнікоў, і пасля, каля гасцініцы «Лучоса», яшчэ раз налева. Спачатку гэта быццам было часова, а пасля гэтак і пакінулі. Мяне ў дзяцінстве гэтая гісторыя страшна захапіла: я сабе ўяўляла цэлае стыхійнае бедства, людзей з торбамі, якія спехам некуды эвакуююцца, хоць напраўду, хутчэй за ўсё, яно было не так драматычна. Аднак тут я не хачу ведаць праўды; мне падабаецца верыць у буйны нораў ракі.

І паводле іроніі лёсу, цяпер канцавы прыпынак 17-га аўтобуса прадпрыемства «Віцрачтранс» (раней на чалавечай мове гэта проста называлася «Рачны порт Віцебск»), размешчанае на Дзвіне. І хоць аўтобус яшчэ ў адным месцы перасякае гэтую раку, аўтары маршруту нібы ў доме ў павешанага пра вяроўку не гавораць ніяк пра Дзвіну не згадваюць. Затое маецца ажно тры прыпынкі, звязаныя з іншай ракой: «Лучоса», «Гасцініца Лучоса» і «Станцыя Лучоса».

На жаль, у апошнія гады праз нізкі ўзровень вады рачны транспарт не ходзіць, але, як я прачытала на гарадскім вэб-сайце, «ідуць работы па паглыбленні ракі і набыцці трох водных трамваяў».

Як заказаць кнігу?

Пераходзьце вось па гэтай спасылцы, адпраўка плануецца ў лютым 2026-га.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота на вокладцы: выдавецтва «Мяне няма».

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter