Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» прадставіў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў «Асоба. Уладзімір Мулявін», прысвечаную 85-годдзю легендарнага музыканта. Пра гэта 12 студзеня паведамілі ў тэлеграм-канале завода.
Калекцыя прысвечана Уладзіміру Мулявіну з «Песняроў» – чалавеку, які зрабіў беларускую музыку вядомай далёка за межамі краіны. У «Лучы» адзначаюць, што серыя створана як знак павагі і памяці пра музыканта, чыя творчасць стала часткай нацыянальнай культуры.


Унук Мулявіна Улад з групы Police in Paris. Фота: @luchofficial, Telegram.com.
«У дызайне гадзінніка галоўны акцэнт зроблены на гітары Мулявіна – сімвале яго творчасці. Залатыя адценні перадаюць веліч і святло яго музыкі, а на заднім вечку корпуса – гравіроўка з выявай самога майстра, каб кожны ўладальнік адчуваў сувязь з легендай», – паведаміў «Луч».
У калекцыі выкарыстаны швейцарскі кварцавы механізм Ronda 513, сапфіравае шкло з антыблікавым пакрыццём і корпус з нержавеючай сталі. Воданепранікальнасць – 5 BAR. Усяго выпушчана 300 асобнікаў.
Кошт – 899 руб. Набыць яго можна ў фірменных крамах «Луч» і на сайце.
«“Асоба” – пра тых, хто пакідае след. Пра музыку, якая гучыць праз час. Пра чалавека, чыя гітара і голас сталі голасам цэлай нацыі», – напісаў «Луч».
Для калекцыі таксама зняўся ўнук Уладзіміра Мулявіна Улад – музыкант, які выступае ў тэхна-групе Police in Paris.
Хто такі Мулявін?
Уладзімір Мулявін – беларускі музыкант, кампазітар і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».
Ён нарадзіўся ў Свярдлоўску ў сям’і швачкі і рабочага завода «Уралмаш». Скончыў музычнае вучылішча, пасля чаго працаваў артыстам у розных філармоніях. У 1963 годзе Мулявін разам з першай жонкай, спявачкай Лідыяй Кармальскай, пераехаў у Беларусь.
Праз некалькі гадоў у Мінску пад яго кіраўніцтвам быў створаны калектыў «Лявоны», які ў 1970 годзе атрымаў назву «Песняры». Ансамбль стаў адным з самых вядомых музычных праектаў савецкай эстрады.
У сваёй творчасці «Песняры» спалучалі беларускую народную музыку з элементамі року, фолку і фанку. Для многіх слухачоў менавіта гэты калектыў стаў першым знаёмствам з беларускай мовай.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















