Мінскі гадзіннікавы завод абвясціў перадзаказ на новую лімітаваную калекцыю гадзіннікаў «Мова», прысвечаную Дню роднай мовы. Калекцыя створана ў гонар Максіма Багдановіча і Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
Як паведамляецца на сайце «Луч», калекцыя распрацавана пры ўдзеле Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У серыі прадстаўлены дзве мадэлі: мужчынская і жаночая. Адна з іх прысвечана Максіму Багдановічу, другая – Алаізе Пашкевіч (Цётцы). На сайце гаворыцца, што мадэлі адлюстроўваюць «два погляды, два галасы, адзін рытм беларускага народа».


Лімітаваная калекцыя гадзіннікаў «Мова», прысвечаная Дню роднай мовы. Фота: @luch.official, Instagram.com.
Кожны гадзіннік камплектуецца двума папружкамі: светлай з вышыўкай, якая адсылае да традыцыйнага дэкаратыўнага мастацтва, і цёмнай з цісненнем – больш стрыманай і ўніверсальнай.
Тэхнічныя характарыстыкі:
- Механізм «Луч 1801».
- Корпус з нержавеючай сталі.
- Сапфіравае шкло.
- Абмежаваны выпуск – 400 асобнікаў (па 200 кожнай мадэлі).
Кошт адной пары – 599 руб.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















