Фестываль Lidbeer у 2026 годзе не адбудзецца. Пра гэта 19 сакавіка паведамілі арганізатары у Threads. Раней стала вядома пра адмену яшчэ некалькіх буйных фестываляў у краіне.
«Дарагія сябры! З сумам і шкадаваннем паведамляем, што фестываль Lidbeer сёлета не адбудзецца. Мы шчыра спадзяемся на сустрэчу ў будучыні і будзем рады бачыць вас на іншых фестывальных пляцоўках і летніх актыўнасцях з “Лідскім”. Дзякуй за ваша разуменне і падтрымку! Да новых сустрэч! З любоўю, каманда Lidbeer. P.S. Як прынята гаварыць у такіх выпадках, фестываль не адбудзецца па прычынах, якія ад нас не залежаць», – напісала каманда фестывалю.
Гэта не адзіны фестываль, які не адбудзецца ў Беларусі. Раней CityDog.io пісаў, што ў 2026 годзе ў Нясвіжы не пройдзе фестываль WOSTRAU. Арганізатары тлумачылі гэта тым, што з-за новых патрабаванняў да правядзення культурных мерапрыемстваў яны не змогуць зрабіць фестываль на ранейшым узроўні.
Пра падобную сітуацыю паведамлялі і арганізатары фестывалю «Солнцестояние», які некалькі гадоў праходзіў у Пружанах.
«ТАА “Сонцастаянне” не ўнесена ў Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў (ліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №02-01-09/550 ад 14.11.2025 г.) і не мае права ажыццяўляць пракат замежных (у т. л. расійскіх) выканаўцаў. У сілу сказанага рок-фэст “Сонцастаянне” не плануецца да правядзення ў 2026 годзе», – заявілі арганізатары 8 снежня 2025 года ў сваім інстаграме.
Як на адмену Lidbeer адрэагавалі беларусы?
Судзячы па каментарыях пад пастом каманды, беларусы з сумам успрынялі гэтую навіну.
«Значит, поедем в Лиду и без феста, не бросим родной пивзавод», – напісаў hanszeldman.
«Гастрольки не захотели выдавать там, где их обычно выдают? Да, понимаем… Ну, зато “Белбету” только в путь все одобряют, и все понимают почему. Так и живем…» – пракаментаваў dmitry_leshok.
«“Лідбір” ізноў ажыве як птушка Фенікс. І будуць яшчэ крутыя фэсты, як самыя першыя вашы, калі людзі наўпрост сядзелі непадалёк кургана, пілі піва, слухалі музыкаў і танчылі», – спадзяецца svetlanalbl.
«В юбилейный-то год?!» – здзівілася maryshabanova.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















