Выдавецтва OZ працягвае прыём рукапісаў у рамках адкрытага конкурсу для аўтараў, якія пішуць прозу пра Беларусь. Пра гэта 26 мая паведамілі на сайце кампаніі.
Конкурс стартаваў яшчэ ў красавіку. У выдавецтве адзначаюць, што ўжо атрымалі шмат прац ад аўтараў і працягваюць шукаць новыя гісторыі, звязаныя з беларускай рэальнасцю.
Паводле ўмоў конкурсу, галоўнае патрабаванне – выразная і пазнавальная прывязка сюжэта да Беларусі. Жанр можа быць любым: ад рэалізму да фантастыкі. Аднак у OZ кажуць, што найбольш іх цікавяць правінцыйныя гісторыі, дэтэктывы і трылеры, а таксама любоўныя раманы.
Тэхнічныя патрабаванні:
- аб’ём: ад 8 да 20 аўтарскіх лістоў;
- узроставы рэйтынг: 16+ ці 18+;
- мова твора: беларуская ці руская.
Важна: да ўдзелу дапускаюцца аўтары, старэйшыя за 18 гадоў.
Падаць заяўку можна да 14 кастрычніка 2026 года. Рукапіс трэба даслаць на электронную пошту books@oz.by з тэмай ліста «Рукапіс для опэн-кола».
Акрамя самога тэксту, неабходна прыкласці кароткі змест твора і інфармацыю пра аўтара: прозвішча, імя, імя па бацьку, месца пражывання, кантакты, а таксама спасылкі на раней апублікаваныя творы (пры наяўнасці).
Рукапісы будуць ацэньваць рэдактары выдавецтва OZ. Аўтар атрымлівае поўнае суправаджэнне на ўсіх этапах стварэння кнігі:
- літаратурнае рэдагаванне і карэктуру;
- распрацоўку дызайну вокладкі і вёрстку;
- друк тыражу;
- распаўсюд праз сетку крам OZ па ўсёй Беларусі і інтэрнэт-краму;
- маркетынгавую падтрымку: рэкламу, прэзентацыі, аўтограф-сесіі, супрацоўніцтва з блогерамі і СМІ;
- індывідуальную працу з рэдактарам.
«Прыём рукапісаў мы пачалі яшчэ ў красавіку і ўжо бачым шмат таленавітых прац. Для нас важна знаходзіць гісторыі, у якіх Беларусь адчуваецца не толькі як месца дзеяння, але і як жывое асяроддзе, што ўплывае на герояў, атмасферу і сюжэт. Дзякуем усім, хто ўжо даслаў свае творы, і запрашаем астатніх аўтараў далучацца», – адзначаюць у выдавецтве OZ.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















