23 сакавіка карыстальніца з нікам maria.kotik.design апублікавала ў Threads відэа і фота, як на запраўцы «А-100» робат гатуе каву і наносіць малюнкі на пенку. За 17 гадзін яе пост сабраў больш за 300 лайкаў.
«Робаты замяняюць людзей. Каву з малюнкамі робіць робат на запраўцы “А-100”, бачылі ўжо? 6,5 р. (капуч, латэ)», – напісала maria.kotik.design.
Мяркуючы па фатаграфіях, робат намаляваў дзяўчыне на каве натхняльную фразу: «Ты можаш усё. Але спачатку кава».
У каментарыях яе спыталі, дзе менавіта знаходзіцца такая запраўка. Яна адказала: гэта МКАД каля Чыжоўкі, Мінскі раён, Навадворскі сельсавет, 82.
На днях у інстаграм-акаўнце «А-100» расказвалі пра гэту навінку. У кампаніі адзначаюць, што кліент можа выбраць латэ-арт на экране, пасля чаго робат сам завяршае прыгатаванне напою.
«Вы проста прыходзіце за звычайным кубачкам кавы – а атрымліваеце маленькае шоу, дзе тэхналогіі сустракаюцца з мастацтвам. Спачатку аплачваеце напой на касе ў аператара, затым падыходзіце да робата, выбіраеце латэ-арт на экране... і далей ён бярэ ўсё ў сваю “руку”. Менш за хвіліну – і ў вас у руках не проста кава, а настрой на ўвесь дзень!» – расказалі ў «А-100».
Калі памятаеце, 16 кастрычніка на нарадзе Лукашэнка абурыўся, што беларусы затрымліваюцца на аўтазапраўках, п’юць там каву і сваімі машынамі перашкаджаюць іншым кіроўцам.
Ён сцвярджаў, што некалькі гадоў таму самі беларусы прасілі зрабіць на АЗС не толькі запраўкі, але і месца, дзе можна набыць каву і іншыя тавары.
Лукашэнка даручыў разабрацца ў сітуацыі міністру ўнутраных спраў Кубракову праз дзяржсакратара Савета бяспекі Вальфовіча: «Даручыце Кубракову, каб ён там да панядзелка навёў жалезны парадак».
Пасля гэтага інспектары ДАІ правялі рэйды. Па іх словах, парушэнняў амаль не знайшлі – кіроўцы і аператары самі змянілі паводзіны на АЗС.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















