У фэйсбук-акаўнце мінскага выдавецтва «Тэхналогія» 21 лютага напісалі, што яно не працуе: «З пэўных прычын выдавецтва «Тэхналогія» не працуе».
Больш нiякай iнфармыцыi ад выдавецтва няма.
Выдавецтва «Тэхналогія» заснавалi ў 1988 годзе. Яно выдавала кнігі па-беларуску. Напрыклад, кнігу кандыдата філалагічных навук Вадзіма Шклярыка «Як гавораць беларусы».
На мінулым тыдні, паводле інфармацыі найстарэйшай у Беларусі газеты, у Мінску адбылася хваля масавых затрыманняў сярод выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў.
Як пішуць журналісты, 17-18 лютага сілавікі прыйшлі з ператрусамі да прадстаўнікоў культурнай супольнасці. Дзеянні выглядалі сістэмнымі і загадзя спланаванымі. У некаторых сем’ях затрымалі адразу некалькіх чалавек. Падчас ператрусаў у кватэрах і офісах правяралі тэлефоны ўсіх, хто знаходзіўся ў памяшканнях.
Пад ціск трапілі як супрацоўнікі дзейных выдавецтваў, так і тых, што былі закрыты раней. Ператрусы прайшлі ў кіраўнікоў і звычайных супрацоўнікаў, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія займаюцца распаўсюдам кніжнай прадукцыі.
Адзначаюць, што пакуль невядома, што шукалі сілавікі. Варта адзначыць, што ў папярэднія месяцы падобныя дзеянні адбываліся і ў іншых асяродках у сталіцы і рэгіёнах. Паводле інфармацыі, якая даходзіла да журналістаў найстарэйшай у Беларусі газеты, тады сілавікі шукалі магчымыя доказы фінансавання з фондаў салідарнасці або сувязяў з беларусамі замежжа.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















