Мінчанка з нікам vijalietaa апублікавала скрыншоты з партала 115.бел, дзе бачна, як яе заяўку пра забруджаны помнік Максіму Багдановічу некалькі дзён перасылалі паміж рознымі камунальнымі службамі.
Жанчына звярнулася ў 115.бел 14 мая. Яна паведаміла, што на помнік Максіму Багдановічу каля Вялікага тэатра оперы і балета нагадзілі птушкі, і папрасіла хутчэй прыбраць гэта.
Аднак, судзячы па скрыншотах, заяўка «хадзіла» паміж рознымі арганізацыямі. Спачатку яе перадалі ў «Зеленстрой Центрального района», пасля – у КУП «Минскзеленстрой», затым у адміністрацыю Цэнтральнага раёна і нават у «Ремавтодор Центрального района». Пры гэтым у каментарыях паўтараўся адзін і той жа адказ: «Не находится на обслуживании предприятия».
Пра сітуацыю мінчанка напісала так: «У Мінску птушкі нагадзілі на помнік Максіму Багдановічу, а камунальшчыкі ніяк не могуць вырашыць, да каго ён адносіцца. Вось цікава, калі б на Леніна насралі, яны б хутка гэта выправілі?»
На апублікаваных скрыншотах бачна, што па стане на 19 мая заяўка ўсё яшчэ мела статус «В работе».
У каментарыях беларусы падзяліліся сваімі меркаваннямі.
- «Гэта агульная гісторыя ў камунальшчыкаў. Працы на 20 хвілін, але дзве арганізацыі будуць тыдзень кідаць заяўкі адна адной з гнеўнымі каментарыямі кшталту “Праверце рэестр!”» – напісаў artsyoma_lyaksandravich.
- «Каму цікава, вінаватыя знойдзены і адпраўлены на перавыхаванне ў суседнюю шаверму», – жартуе silovik_rb.
- «Всем насрать», – пракаментаваў jedisalow.
Нагадаем, партал 115.бел запрацаваў у лістападзе 2015 года. Яго запусцілі спецыяльна для таго, каб аператыўна вырашаць набалелыя пытанні і наводзіць парадак у горадзе.
Партал наогул дапамагае?
Так. Напрыклад, праз 115.бел у студзені 2019 людзі папрасілі прыбраць снег у Маладзечне. І ім прыйшоў адказ: «Проведена уборка снега». Праўда, адказ прыйшоў у красавіку. Але ніхто і не ўдакладняў, хто менавіта прыбіраў снег.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















