CityDog.io пагутарыў з мінчукамі наконт таго, што носяць з сабой людзі з розных раёнаў горада. Матэрыял зроблены ў іранічна-стэрэатыпным фармаце і не мае мэты кагосьці абразіць ці пакрыўдзіць. А з якога раёна вы і што заўсёды носіце з сабой?
Ленінскі раён

Вечнае студэнцкае: раніцай бяжыш на пары без сумкі, увечары нясешся па страшным тунэлі-пераходзе на вуліцу Варанянскага ў «Хуліган», бо нельга прапусціць сустрэчу з сяброўкамі. А недзе паміж парамі і барамі робіш чарговае тату сабе і сябру «на доўгую памяць», бо лепшыя гады жыцця ляцяць так хутка і хочацца захаваць кожнае імгненне.
Савецкі раён

Раніцай едзеш на працу з лавандавым рафам сабе і сябру, свеціць вясновае сонейка. Не думаеш пра справы, у галаве толькі адно пытанне: увечары пойдзем на новую выставу ў Палац мастацтва ці на канцэрт у філармонію?
Першамайскі раён

Быццам бы аўтаномны раён, усярэдзіне якога ёсць усё і табе не трэба выязджаць у цэнтр: ні ў бібліятэку, ні за лепшым кебабам, ні-ку-ды. І, вядома, Уручча – гэта адчуванне дома, дзе ўсе родныя, а навокал усё проста і знаёма.
Маскоўскі раён

Маскоўскі раён – гэта месца шчаслівага дзяцінства: маленькі школьнік гойсае па старых шынах каля футбольных палёў, за вуглом дзеці шукаюць дошкі на сметніку, каб пабудаваць сваю ўласную «крэпасць». А ў парку Паўлава падлеткі прагульваюць урокі і замест школьнага абеду ядуць грушы прама з зямлі.
Партызанскі раён

Вакол завода мяняюцца вуліцы, людзі, паркі, а Партызанскі раён як стаяў, так і стаіць. Такі вось астравок стабільнасці і ўпэўненасці.
Цэнтральны раён

Рамантычны раён з цудоўным відам на Свіслач, дзе паказваюць найлепшыя захады, якія бываюць толькі ў Беларусі. Топ-ідэя для спаткання ў парку, тэатры ці дзе заўгодна круглы год. Тут адчуваеш, што Мінск сапраўды несмяротны.
Заводскі раён

Хаця чуткі пра тое, што гэта раён алкаголікаў і наркаманаў, яшчэ не сышлі ў даўніну, Чыжоўка – месца спакою і адпачынку. Тут няма вар’яцкага трафіку, цалкам зялёны раён, побач вадасховішча і зноў жа зялёная зона, блізкасць кальцавой дарогі, і да метро таксама вельмі блізка. Нізкапавярховая забудова і няма адчування, што зверху штосьці цісне.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












