Беларуская музыкантка і прадзюсарка Анастасія Рыдлеўская паведаміла, што яе працы цяпер уваходзяць у калекцыю Galeria Arsenał – мастацкай галерэі, якая знаходзіцца ў Беластоку. Пра гэта яна напісала 19 лістапада ў Threads.
Гаворка ідзе пра мастацкую інсталяцыю Borderline Depth («Межавая глыбіня»), якую Рыдлеўская стварыла ў 2023-2024 гадах. Як вынікае з публікацыі галерэі, яна складаецца з шасці элементаў.
Сярод іх – працы I’ll be your fear for you («Я буду для цябе страхам»), I take my anger with me («Забіраю свой гнеў з сабой»), Anger mask («Маска гневу»), Snake сharmer («Заклінальнік змей») і I have to deal with this body till the end of my life («Мне давядзецца мець справу з гэтым целам да канца жыцця»). «Маска гневу» прадстаўлена ў двух асобніках.
Для стварэння інсталяцыі мастачка выкарыстала тканіну, ніткі, пацеркі, пап’е-машэ і акрылавую фарбу.
Анастасія Рыдлеўская жыве і працуе ў Польшчы з 2020 года. Музыкантка працуе на стыку цёмнай электронікі, эксперыментальнай поп-музыкі і паганскіх матываў, а свае праекты стварае на беларускай, англійскай і французскай мовах.
З 2023 года Рыдлеўская выпусціла тры альбомы: When I Can’t Speak, Mugwort і Snake Charmer. Яны разам набралі больш за мільён стрымаў. Яе музыка таксама гучала на міжнародных фестывалях, а пра творчасць артысткі пісаў, напрыклад, Vogue Polska.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















