Польска-беларускі дуэт Sw@da x Niczos выпусціў новы альбом пад назвай RYT-M. У ім музыкі спалучылі традыцыі Падляшша з сучаснай клубнай музыкай. Пласцінка расказвае пра смерць, каханне, складаныя эмоцыі і ачышчэнне.
Назва альбома адсылае адразу да двух паняццяў – рытуалу і танца. Музыкі хацелі перадаць ідэю супольнага перажывання музыкі, калі рытм дапамагае людзям выказваць эмоцыі, сустракацца і адчуваць сябе часткай адной супольнасці.
Музычна RYT-M спалучае розныя жанры. Асновай застаецца клубная музыка, але ў альбоме ёсць элементы амапіяна, фонку, бразільскага фанку, а таксама эксперыменты з басамі і дабстэпам.
Тэксты напісаны на падляшскай мове, якую беларускія філолагі залічваюць да беларускіх дыялектаў.
Альбом запісвалі ў Беластоку і Бельску-Падляшскім, а да яго стварэння далучылася мноства беларускіх творцаў.
19 лістапада польскі дуэт Sw@da x Niczos пачне тур у падтрымку новага альбома. Музыкі выступяць у пяці гарадах Польшчы, дзе жыве шмат беларусаў, і абяцаюць не проста канцэрты, а канцэптуальнае шоу з харэаграфіяй, арыгінальнымі касцюмамі і візуальнымі эфектамі.
Альбом RYT-M ужо можна паслухаць тут.
Калі памятаеце, CityDog.io пісаў, што Sw@da (сапраўднае імя – Віктар) і Niczos (сапраўднае імя – Ніка) працуюць разам ужо некалькі гадоў. Яна пяе, ён піша музыку. Але гэты дуэт моцна адрозніваецца ад мільярда падобных калабарацый па ўсім свеце: Ніка спявае на падляшскай мове, а Віктар спрабуе ўпакаваць гэту мову ў трэндавыя біты і мелодыку.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















