Беларускае дзіцячае друкаванае выданне «Палосачка», якое дапамагае дзецям цікавіцца мовай і культурай, можа закрыцца з-за недахопу чытачоў. Каб працягнуць выпуск, праекту не хапае каля 260 чытачоў у першым паўгоддзі 2026 года.
Пра складаную сітуацыю вакол часопіса расказала карыстальніца e_a_orlovskaya у Threads. Паводле яе слоў, друкаванае выданне для дзяцей 6–12 гадоў «Палосачка» цяпер знаходзіцца на мяжы закрыцця.
Беларуска піша, што «Палосачка» дапамагае дзецям зацікавіцца беларускай мовай праз лёгкі і пазітыўны фармат.
Цяпер асноўная праблема – недахоп новых чытачоў. Недзяржаўныя выданні не дапускаюцца ў школы, з-за чаго пашыраць аўдыторыю складана. Пры гэтым для выхаду на самаакупнасць у першым паўгоддзі 2026 года праекту не хапае прыкладна 260 чытачоў. Кошт падпіскі на паўгоддзе – 24 рублі.
На сайце часопіса пазначаны некалькі спосабаў падтрымкі. Можна аформіць падпіску для сябе, падарыць яе іншым або аплаціць падпіску для бібліятэк. Таксама прапануецца аплаціць інфармацыйны PDF-вебінар коштам 10 рублёў.
«Палосачка» – гэта часопіс для сем’яў з дзецьмі ад 6 да 12 гадоў. Ён выходзіць на рускай і беларускай мовах і распаўсюджваецца па падпісцы з дастаўкай у розныя краіны свету. Праект стварыла Ганна Граноўская – настаўніца пачатковых класаў, педагог-псіхалагіня і аўтарка нестандартных дапаможнікаў для дзяцей.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















